2 лiстапада — вандроўка «Крыўя-Крывія-Крэва».

2 лiстапада — вандроўка «Крыўя-Крывія-Крэва».

Ярылава_гара экскурсия_Беларусь

Эпілёг вандраваньня па абсягах крэўскіх…

Зазвычай выбіраючыся ў падарожжа, чалавек пестуе недзе ўсярэдзіне сэрца чаканьне Таемства. Бо на тое ён і даецца, новы, нязнаны шлях, каб стацца адкрыцьцём. На тое й злучаны мы з дарогай, што яна, бывае, нечакана выводзіць да тых самых таемстваў – да мясьцінак і адчуваньняў, якія поўняць цябе зусім новымі энэргіямі й спараджаюць новыя надзеі й парываньні.

І мы дабраліся-такі да спаконвечных каштоўнасьцяў, зьберажоных крэўскай зямлёй. Памацалі сьцены замку-крэпасьці, узышлі на валы гарадзішча, пастаялі на безыменнай гары блізу першага крэўскага селішча, у якую, нібыта, колісь правалілася наноў узьведзеная хрысьціянамі царква – заместа прадаўняга капішча.

Перадусім пракаветнае Крэва паказвае, ЯК магло быць і як склалася тут, на радзіме. Пры ўсёй магуце, у нетрах гэтага краю захаванай, мы патрапляем у 21-м стагодзьдзі ў недарэчны аграгарадок, са стандартнымі дамкамі ды ўніфікаваным дарэшты мысьленьнем-побытам. А было ж…

Крэва аказалася колісь начале паўлегендарнага Нальшанскага княства, якое рупна ахоўвала старыя дзядоўскія традыцыі пад пагрозьлівым націскам чужацкае веры. І выстойвала, бараніла тое незаменнае, найроднае, што сілкуе й надае моцы праз часы й пакаленьні. Дзеля ўратаваньня СВАЙГО – карэньня й кроны, сьветагляду й сьветаладу – тут, на Юравай (Ярылавай) гары яшчэ задоўга да збудаваньня замку-крэпасьці гарэў нягасны зьніч капішча й варажбаваў, засланяючы сьвет ад цемры й ліха, Крывэ-Крывэйтэ, вядун са сьвятарскай дынастыі, вядомай спрадаўна на выспе Руян, у Полацку, у Ромаве пад Кёнігзбэргам ды ў Вільні. Вось якую неадольную сілу трымае аберуч Крэва. І нам пашчасьціла напоўна чарпануць гэтай сілы ў адзін з самых вядунскіх дзён абрадавага кругазвароту – на Дзяды.

Занатавана тут, у мурах і прасторы, і памяць пра пачатковыя подступы да канфэдэрацыі ВКЛ і Кароны Польскай, калі Крэўская унія 1385 году перадвызначыла хаду гісторыі, з грунту якой паўстане слынны час валадараньня Ягелонаў і на паваротцы якой аднойчы сыдзе ў нябыт Вялікае Княства, засланёнае Рэччу Паспалітай. Зьнітавана тут у шчыльнае радно мінуласьці веліч і ганьба, годнасьць і прыніжэньне, сьветлыня і змрок. А над усім гэтым супэрэчлівым жыцьцём – княжым і сялянскім, ваярскім і вядунскім – вольна дыхае й дасюль неўміручае Дрэва Роду. 

І хоць учыняліся тут, у замку, з прагнасьці да ўлады, здрады, падманы й забойствы, не пахіснуліся людзі ні перад водным нашэсьцем. Толькі прымоўклі, сьцішыліся. Маўчаць зацята й дагэтуль.

Затое гавораць камяні першага на тэрыторыі сучаснай Беларусі мураванага замку, гаворыць да нашчадкаў абкружанае валамі гарадзішча, заснаванае, паводле высноў сёлетніх археалягічных  раскопаў, зусім ня ў 13 стагодзьдзі, як меркавалася доўгі час, а недзе на мяжы 2-3 стагодзьдзяў нашай эры, гавораць жвавы ручай і абярожныя валуны з шасьціканцовым ярылавым крыжом. Ды й прывіды, што блукаюць па замчышчы, як напамін пра ўсе трагедыі, перажытыя тут дзеля наступнасьці, гэтаксама па-свойму гавораць. Мовяць да нас і да Дзядоў, зьвязваючы ўсе зьвёны-пакаленьні ў Адзінства, якім ёсьць усе разам насельнікі сёньняшняй краіны.

Вось і нам выпала ў самую памінальную суботу ўвайсьці ў няспынную плыню энэргіі, сабранай папярэднікамі і ўзвышанай сьвятарнай чыннасьцю Крывэ-Крывэйтэ. Дайсьці да першатоку. Дакрануцца да Істы, упластаванай у кожнай травінцы й кожнай камяніцы.

І помнае Крэва прыняло нас, падарожнікаў да сівой даўніны, і адамкнула, здаецца, “цямніцы”, у якіх прычэквае наступнага ўзыходжаньня да свае сутнасьці векавечны род крывіцка-ліцьвінскі, што даў колісь глебу на ўзрастаньне народу беларускага. А мы падзіўлёна пачулі на замчышчы, ўсярэдзіне гарадзішча й на вяршыні цёплай нават у ветравеі Ярылавай (Юравай) гары магічнае шапаценьне вякоў, прамільгнулых тут, як імгненьне, але ўрослых у глебу й прастору, у галасы й цішыню.

Зрэшты, дзеля гэтага чуйнага ўслухоўваньня ў гісторыю, што ўзгадавала тваіх папярэднікаў, падарыла права на жыцьцё табе самому й прыгорне аднойчы нашчадкаў, і варта прыходзіць да самых пульсоўных кропак роднай зямлі. Бо менавіта тут і раскрываецца найважная зьява ў сьвеце: ніхто з нас ня ёсьць выпадковым на сваёй пуціне – там, дзе журбуюць старыя могілкі й скуль узьлятаюць арэлі, разгушкалыя дзяцей і ўнукаў.

Ды й камень-ахвярнік, здольны зладоўваць-згарманізоўваць сустрэчы й зьлюбы, адшуканы намі ў яры між Ашмян і Крэва, гэтаксама паджыўляе веру ў непарушны зьвяз усяго жывога – збылага й цяперашняга, забыванага й адноўленага. Так, напэўна, узнаўляе ў зямлі ручво сваё саслаблая колісь, а затым падужэлая крыніца. Так павяртаецца памяць роду й да зблудлага ў гушчары ідэй ды лёзунгаў чалавека — чыста, прасьветла й радасна. Так прыхінаецца зьбеганы ў гонцы прагрэсу сучасьнік да кволага бруяньня тае першароднае веры, якую беражэ й перадае ў прышласьць нямы, здавалася б, і абыякавы валун, да якога ўбіта сьцежка нагамі прабабуль, што шукалі шчасьця й прасілі ў прыроды дарады.

Так прытуляліся й мы да шурпатага цела Зьлюбнага каменя, і паасобку перадавалі некуды ў зямныя нетры свае патаемныя чаканьні й спадзяваньні – на каханьне, згоду й паразуменьне: камень жа спраўна спаўняе ролю мэдыятара, якому падуладны патаемныя сфэры людзкіх расстаньняў і повязяў.

А таму радасьць паяднаньня спагадна абняла ў Крэве й нас, павяртанцаў да сваіх пачаткаў, – паяднаньня з тым невядомым сьветам мітаў, фантазій і легенд, браму ў які шчыльна замкнулі аднойчы бацькі, паверылыя ў прывід камунізму. І зусім цяпер падалося не істотным, што няма рэчаісна ні капішча Крывэ-Крывэйтэ, ні велічна-грознага замку, ні таго геройства, зь якім баранілі свой Край продкі, ні тае здабытае імі славы, за якую можна было б учапіцца, як тапелец за саломінку, у нашым растузаным сьвеце – і… паўстаць зь нябыту ўва ўсёй красе й магуце. Куды больш важным раптам аказалася радасьць усё гэта, нібыта згінулае, а папраўдзе мудра прыхаванае, знасьці, спасьцігнуць і напоўніць сілай нашых дум і нашай удзякі. Ды й не было, зрэшты, і ня будзе ніколі ў сьвеце нечага ідэальнага: мы прыходзім сюды навучацца й ператвараць задумы-праекты ў рэальнасьць, але цягам жыцьця не сягаем ідэалу, толькі ўзыходзім на дарогу да яго. Гісторыя, як ні што болей, найярчэй люструе такое становішча спраў. А таму да гісторыі, бывае, надта ж патрэбна прытуліцца, як да апірышча, бо там, у нязнанай далечыні, гэткія ж, як мы, не дасканалыя людзі ўсё-ткі змаглі ўтрымацца на пазыцыях годнасьці – нават на такіх лёсавых паваротках, калі да самага сэрца падступаліся крыўда, боль і згуба найдарожшага ў жыцьці.

Напэўна, такія вось думкі й высновы складаюцца недзе ў лёхах падсьведамасьці кожнага, хто адважваецца наўпрост пакіраваць да каранёў Дрэва роду й паспрабаваць вызваліць з-пад шалупіньня прыдумак і суцяшальных гістарычных баек тую самую шуканую-перашуканую праўду: ХТО мы, АДКУЛЬ і КУДЫ ідзём у туманох вечнасьці й ШТО мы маем аддаць Вялікай Бытнасьці назамен падоранага нам шанцу жыць і дзеіць, любіць і памятаць…

Старадаўняе Крэва калі й не дае на гэтыя запыты дакладнага адказу, дык выводзіць на роздум – пра гісторыю ў сабе й сябе ў гісторыі. У той гісторыі, якая ёсьць не адно пажоўклымі пісьмёнамі, але й жывой трымцьлівай тканкай, у якую затканы тонкімі нітамі наша доля й нашы мары.

Антанiна_Хатэнка беларусы Беларусь  Крево кревский_замок  обед пара_Крево семья_счастье

No Comments

Sorry, the comment form is closed at this time.