Поклiч Рагвалода

Поклiч Рагвалода

Жыве сабе чалавек, жыве. Бывае, і думаць ня думае, і памятаць ня зьбіраецца пра нешта далёкае й адчужанае, пра нешта зьніклае ў плыні нябыту. У турботах надзённасьці й згадка ў сэрца не заблудзіць пра тых, хто колісь тупаў вось па гэтых гасьцінцах, спраўляў балі й памінкі, набываў і страчваў — ладаваў долю. Што было, тое сплыло — формула гэтая, як абярожная мяжа: не заходзь, маўляў, у нязнаныя нетры, у сьляды не павяртайся…

І так бы яна й сыходзіла ў пяскі забыцьця, наша мінуласьць, калі б… Калі б не надаралася раптам крануцца няўзнак тонкага нітва вякоў. Таго нэрвовага валаконца, што лучыць раскідана-адзінкавае ў шчыльную тканку Быцьця. Быцьця на сваёй зямлі, сярод сваіх дрэў і рэк, са сваім хатульком памяці, што грэе, нябачны, з пракаветных часоў і да сёньня чуйны хрыбет роду. Што трымае таемна-вузлавата паданьне народу, аберагае даніну продкаў.

Вось гэтак, нечакана-нягадана выплёскваецца, бывае, з глыбокіх цянётаў этнічнае памяці магутная хваля старой Веды й неадступна й настойліва б’ецца ў сьведамасьць, распырскваючы зіхоткі подзіву й зачараваньня. Зьяўляецца, нібыта зь ніадкуль, цёплае адчуваньне моцы й мудрасьці, аховы й апякунства. І… паўстаюць воблікі, імёны, шляхі, лёсы — вяхі на пуціне твайго спазнаньня й спасьціжэньня ўласнай місіі ў Няспыннай драме жыцьця.

Здаўна кажуць у народзе, што Рагнедзін курган, паўсталы ў незапомныя часы на паўвыспе Перавоз пасярэдзіне возера Дрыса, хавае пад пластамі эпох нейкую надзвычайную таёмку. Быццам на сакральнай гары, што сягае ўвышу да 10 мэтраў, некалі ўдарамі каменнага молата быў забіты легендарны князь Рагвалод — першы ачольнік першае дзяржавы сёньняшніх беларусаў. І быццам пазьней была пахавана тут дачка полацкага Гаспадара — Рагнеда.

А яшчэ апавядаюць, што заўжды перад вайной зьяжджжае з курганнае гары на белым кані дужы вершнік-ваяр, шчыльна зацягнуты ў абарончы панцыр: папярэджвае й дараджвае зьбіраць сілу насуперак нашэсьцю.

Але сказ гэты пра гару-валатоўку, у чэраве якой заснулі разам слынны князь з Полацку з адзінай дачкой Рагнедай, ані трошку не набліжае нас да гістарычнае праўды. Якраз наадварот: хронікі першага тысячагодзьдзя пасьля раства Хрыстова натуюць зусім іначай падзеі ў Полацку. У “Аповесьці мінулых гадоў” падаецца згадка пра загінулага блізу 980-га году князя Рагвалода з Полацку ад рук Уладзімера Сьвятаславіча, які стаўся пасьля тае загубы валадаром кіеўскім.

Але як да тае прадалёкае дзеі спрычыняемся мы — насельнікі новае, незалежнае, краіны? На чый турботны запыт адгукнецца пастарэлае рэха й што магчыма разгадаць у ягоным голасе, каб асэнсаваць — дзеля памудрэньня й адважнасьці? Ані летапіс, ні навуковы досьлед, ані вера, ні сумнеў, ні скарга й ня гонар, а толькі адно АДЧУВАНЬНЕ расхрыствае тонкі доступ да княжага дзядзінца, зь цьвердзі якога расьце й галінуецца ў прышласьць Дрэва роду. З-пад якога ўсё струменіць і струменіць няспынна-няўтомна энэргія-магута княжа-вечавага ладу. І, мабыць, выбіраючы шторазу — быць альбо ня быць — мы ўпотай чэрпаем трошкі харобрасьці й сьвятла адтуль, з улоньня першага валадарства Рагвалода па-над Дзьвіною. І з упартасьці дачкі ягонае Рагнеды, што не адступілася ад Сябе існай ані ў якіх выпрабаваньнях. Пакуль не сышла ў іншасьвет.

Тры жыцьці, тры долі выпала прайсьці цягам аднаго пабытаваньня на зямлі гэтай дзяўчынцы-Жанчыне — Рагнедзе. І самкнёнасьць гэтых трох дарог, як узыход на ўкрыжаваньне, вызначальна ўплывала ня толькі на шлях Полацкага княства — зародку адной са славянскіх дзяржаў, але й на хаду самое хрысьціянскае цывілізацыі. Дзіва-дзіўнае, гэты парадокс — праява наўпростага ўдзелу жанчыны на пашырэньне веры Хрыста — ёсьць азнакаю нашае зямлі. Чым настойлівей царкоўнікі адпрэчвалі жанчыну як духовую істоту (і блізка не дапускаючы стаць упоравень з мужчынам), тым больш годна й ахвярна яна, жанчына, аддавала нутраную сілу ў плыню Божае праведнасьці. …Потым жа — прыгадайма! — зьявіцца тут сьвятая Эўфрасіньня Полацкая — прапранашчадніца Рагнеды, каб несьці слова Хрыстова ўсялякаму чалавеку, ахвочаму вышэць душою.

Аднак тое будзе праз два стагодзьдзі. А тады, на зломе вякоў, трагедыя, што разыгралася на полацкім пасадзе, перакуліла навыварат увесь вечавы злад і змусіла дванаццацігадовае дзяўчо несьці адказнасьць за цэлы загіблы род. Рабіць выбар, у запаланеньні й падпарадкаваньні.

Пачалося ж усё з прагнасьці чалавечай — да ўлады, да грошай, да ўхвалы. Полацак тады быў надта ж заможным месцам на знакамітым шляху з “варагаў у грэкі”. І прылучыць яго да сваіх зямель карцела ці ня кожнаму з суседзяў. Вось і пасваталіся да Рагнеды адначасна двое братоў — Яраполк з Кіева і Ўладзімер з Ноўгараду. Сям’я Рагвалода (дый сама дзяўчына!) далі згоду Яраполку. І пайшоў Уладзімер зь мячом і агнём на Полацак. Спаліў дашчэнту горад, забіў на плошчы князя Рагвалода з жонкай і двох ягоных сыноў. А Рагнеду тут жа згвалціў і паланянкай павёз з сабой. Узяў за жонку, надаўшы ёй новае імя — Гарыслава.

Колькі такіх крывавых гісторый ведае чалавецтва! Колькі скораных і пакорлівых жанчын прыніжана дажывалі свой век пад уладай хіжых і хцівых захопнікаў! І дасюль не распростваюцца сьпіны ў іхных спадкаемніц…

Але з княгіняй Рагнедай выйшла ўсё трохі інакш. Цьвердзяць летапісы, што нарадзіла яна князю чатырох сыноў і дзьвюх дачок. І жывучы заняволена паасобку ад мужа, задумала расправу.

Аднойчы, калі князь прыехаў у наведкі, занесла палачанка-паланянка над ім помсьлівы нож. Ды лязо паласнула па рабрыне, і раз’юшаны Ўладзімер, дастаўшы меч, загадаў жонцы сьвяточна апрануцца — на сьмерць. Уратаваў абодвух бацькоў ад забойства сын Ізяслаў. “Забі спачатку мяне, бацька!” — гэтакі вокліч сямігадовага хлопца захавала гісторыя.

За ўчынак той саслаў Уладзімер Рагнеду з Ізяславам у глушэчу — на раку Сьвіслач, збудаваўшы ім замак, які й даў назву селішчу — Ізяслаў (цяперашняе Заслаўе).

Пазьней аддаў Уладзімер сыну Ізяславу Полацак, дзе малады князь шчыра займаўся асьветай народу. А Рагнеду сілком пастрыглі ў манашкі пад імем Анастасія. Так і пражыла яна за тоўстымі манастырскімі сьценамі больш за дзясятак гадоў, аберагаючы ў сэрцы веру бацькоў. І памерла ў тысячным годзе — зацята-маўкліва, як і жыла. Празь некалькі месяцаў ня стала ў Полацку й ейнага сына Ізяслава. І ніхто ня ўведаў, не адбіў у хроніцы праўды пра іх ледзь не адначасную й незразумелую сьмерць.

Князь Уладзімер-Краснае Сонейка яшчэ ў 987-м ажаніўся зь бізантыйскаю прынцэсай Ганнай, пахрысьціў Кіеў і ўсю прастору, як мог ахапіць. Хрысьціў жорстка, бязьлітасна, угневана. Настане час і праз тысячу гадоў дбайны хрысьціцель будзе абвешчаны царквой сьвятым.

Але даўняя-прадаўняя трагедыя роду Рагвалода й дасюль трывожыць нашы землі, нібы падае ўсё сусьветнае таемства знак — дазнацца праўды, каб узмужнець і памацнець. І гэтак зь бяздоньня, што, здавалася, паглынула ўсё жывое й памятлівае, паўстае паволі воблік сапраўднага Рагвалода — князя-прарока, сакральнага валадара, прыйшлага ў наш край з варагаў (тое пацьвярджае й летапіс: “Рагвалод прыйшоў з-за мора й трымаў уладу сваю ў Полацку”). І надзяліў яго, мудрага й дальнабачнага, тутэйшы людздатнасьцю да памнажэньня багацьця і ўсталяваньня дабрабыту. Бо па-свойму тут прачыталі княжае імя: “рогам валодае”. Спрадаўна ж у Эўропе рог лічылі за сымбаль заможжа. З рога, і ў нас вядома, усяго многа. Тое добра распавялі казкі. Вось і шанавалі Рагвалода за мага, здольнага падтрымліваць плоднасьць у прыродзе й багацьце ў чалавечым жыцьці. Сакралізавалі ролю князя да рытуальна-магічнай.

Прыгадваецца: гэткі ж статус сьвятара, яснабачнага, відушчага чараўніка надавалі ў Старажытным Эгіпце фараону. І насамрэч асоба фараона — як найразумнага й найталенавітага правідца — атаясамлівалася з богам, а таму воля яго была неаспрэчнай.

Дарэчы, нарвэскія сагі згадваюць таксама Ragnheior, якая была дачкой Ragnvaldr’а з Palteska. А калі не забыцца на тое, што нашы продкі імя князя вымаўлялі й як Рогвальд, маем поўнае падабенства са скандынаўскімі найменьнямі, этымалёгія якіх і зноў-такі прыводзіць да боскае іпастасі чужынца, які ўзяў на сябе ролю валадара полацкіх зямель і трымаўся паўночна-прускіх традыцый ваярска-сьвятарскага кіраваньня, перадаючы тое спадчынна й дзецям.

Першая частка імёнаў Рагнеды й Рагвалода “тоесная са стара-паўночным ragnar “багі”, што стасуецца зь літоўскім. regėti, латысскім. redzēt “бачыць, сузіраць”, адкуль літоўскае. ragana”, беларускае (дыялектнае) рагана “вядзьмарка, чараўніца” (Аляксей Дзермант “Крывічы. Гістарычны і этнагенэтычны нарыс”).

І гэтак, аснова імёнаў бацькі й дачкі — Рагвалода й Рагнеды, якія запачаткавалі нашу легендарную гісторыю, *ragn-, што азначае прарочы дар. Якраз гэтак і называлі людзей, што валодалі памянёным дарам.

Ці варта цяпер дзівіцца, як пасьлядоўна Рагнеда, застаўшыся адна з роду, рабіла спробы ўсталяваць справядлівасьць і пакараць рабаўніка й загубцу? Ці ня сьведчыць мноства назваў, зьвязаных зь яе імём (тая самая «гара Рогвальда і Рагнеды», або інакш «Рагнедзін курган» на паўвыспе Перавоз на возеры Дрыса, «Рагнедзіны курганы» ў Вялейскім раёне ды ў ваколіцах г. Краслава (Латгалія), возера Рагнедзь на поўнач ад Заслаўя, «магіла Рагнеды», або «замэчак Рагнеды» ў самым Заслаўі), што міт узвёў яе ў місію валатоўны — жанчыны-абаронцы, ваяркі, якая ратуе свой край і сваю веру?

Прамільгнулі эпохі, а энэргія Пачатку ўсё разварушвае наш уяўны спакой у растузаным сьвеце й пахіляе чалавека да маці-зямлі, да ўлоньня, зь якога ўсё зьяўляецца і ў якое ўсё павяртаецца. Бо адтуль, зь зямнога чэрава, з жывое тканкі інфармацыі, якая нікуды не зьнікае, як бы легкадумны чалавек ні жадаў яе вынішчыць і спапяліць, вынікае, што драма, раз’яраная ў магутным і багатым Полацку, на балючым сумежжы эры прыроднае з эрай надпрыроднай, і цяпер яшчэ адбіваецца на агульным нашым, народным, лёсе. Дый на лёсах, адпаведна, асабістых. Таму што шнар на падсечаным дрэве спакваля загойваецца, зажыўляецца, а памяці ўласьціва ўзрывацца й шчымець адкрытай ранай. Вось і выходзіць, што незаміраны супраціў далёкіх продкаў і да сёньня смыліць і жаліцца: за што навошта забівалі й нішчылі, калі ўсе мы тут, на Зямлі, часовыя госьці й нічога нам не належыць дарэшты, акрамя, хіба што, саміх сябе вечных…

Гэтак жа адчайна пытаўся на пачатку стагодзьдзя, ужо дваццатага, Максім Багдановіч:

“Хто мы такія?

Толькі падарожныя — папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі й звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?”

Ляцім да зор… А на шляху да зор, ля вытоку нашага нацыянальнага быцьця, і дагэтуль сурова маўчаць сьвятыя камяні, не выдаючы гаркотнае праўды. На шляху да зор бруяць спрадоньня крыніцы й шумяць з-пад неба сьвятарныя дубровы-гаі, гушкаючы чуйнае рэха любові й адданасьці, адвагі й чысьціні, ахаванае і адхуканае спасярод людзкіх боек і варажнечаў дыханьнем прашчураў, падобных да багоў.

Антаніна Хатэнка

No Comments

Sorry, the comment form is closed at this time.