“На моры-акіяне, на востраве Руяне…”

“На моры-акіяне, на востраве Руяне…”

Сэмінар “Веснавы вянок”, праведзены школай этнасу “Дрэва Сонца”, улучаў у сваё кола й падрыхтоўку ды вывучэнне венэдскіх (балтаславянскіх) рун. А як толькі ўдзельнікі крануліся тэмы рунічнай пісьмовасьці, што паходзіць не са скандынаўскіх зямель, але карэніцца на Балтыцы й мае наўпростае дачыненьне да нашых прапродкаў – балтаў і славян, узьнікла натуральная патрэба дазнацца пра шлях рунікі сюды, у Край, дзе таксама археолагі адшуквалі старажытныя помнікі і рытуальныя прадметы з рунічнымі пазнакамі.

Так мы ўсе разам рушылі ў Дарогу Міру і Сілы, спасьцігаючы таемныя сувязі між балтаславянскай абрадавай культурай, усталяванай спасярод мора на востраве Руян, і вядунскімі традыцыямі на Полаччыне ды ў Вялікім княстве Літоўскім.

Прапануем яшчэ раз вярнуцца да гісторыі рун і супольна прайсьціся шляхам, што злучаў колісь не адно гандляроў з варагаў і грэкаў, але й зладоўваў нябачныя масты веры.

Скуль Сіла Алатыр-каменя?..

“На моры-акіяне, на востраве Руяне…” Гэтыя словы-прышэпты старадаўняй замовы, напэўна ж, хоць аднойчы гучалі ў жыцьці кожнага з нас: ці ў маленстве бацькі вадзілі да каторай бабулі-вядункі — перапуд альбо сурок адагнаць, ці сустракаліся такія спаміны пра нешта далёкае й незразумелае ў літаратуры.

Так ці іначай, а выспа Руян (як і мітычная рака Дунай, якая не бяжыць праз нашу, крывіцка-ліцьвінскую, прастору, але пра якую настальгова згадваюць народныя песьні) нейкім цудным чынам, аказваецца, закадавана ў нашай падсьвядомасьці й пераемна вястуе з пакаленьня ў пакаленьне таемную, недасягальную, здавалася б, праўду пра нешта, няведама што, надзвычай уплывовае ў плыні правечнага жыцьця Краю.

Дык дзе ж яна месьціцца, загадкавая выспа Руян, на якой жыватворыць празь вякі пуп Сусьвету – Алатыр-камень і зь якой вынікае сьвятарная Традыцыя прапродкаў?.. І як яна можа быць зьвязана з нашай зямлёй, распасьцертай між цывілізацый Захаду і Ўсходу і акрыялай усё-ткі ў няспынных нашэсьцях чужынцаў, каб доўжыць і ахоўваць тую векавую Традыцыю нязьменна й заўжды?

Усё, што тут мае быць сказана, трохі выдае на чароўную казку. Але казка якраз і зьберагае ў сваёй адпачатнай сутнасьці рэха пракаветнага міту. А міт – гэта ж той самы код, празь які мы толькі й здольны адчуць і пазнаць саміх сябе (не цяперашніх, вядома, а неўміручых – тых, якімі былі нашы папярэднікі, перадалыя нам набор пэўных рыс, якасьцяў, звычаяў і атрыбутаў).

Дык вось. Калі на высьпе Руяне месьціцца шуканы-перашуканы энэргетычны цэнтар – Алатыр-камень, то гэта наўпрост азначае, што й мы непасрэдна прымкнёныя да гэтай закінутай недзе ў марох гаручай кропкі.

А насамрэч усе паданьні-легенды вястуюць існасьць. І, адпаведна, выспа Руян – не прыдумка, але напамін. Напамін пра тую рэальнасьць, якая ёсьць нябачнаю, затое вельмі адчувальнаю ў лёсавай дарозе чалавека ці людзкога супольля.

Нічога, як вядома, не здараецца без прычыны й нічога не зьнікае ў нікуды. Бо сьвет – не пустэльня, а Дом, поўны гукаў, фарбаў, энэргій і зрухаў.

Вядунская відушчасьць.

На востраве Руяне – кажуць паданьні – спасярод Балцкага (тады называнага Вараскім) мора жылі-былі колісь, да прышэсьця новае веры, балтаславянскія плямёны, што ўтваралі таварыскае супольле, начале якога трымаліся люцічы. І былі тыя люцічы моцным, суровым, бескампрамісным народам, здольным і бараніць і наступаць, і правы адстойваць — ажно да ўласнай пагібелі.

Але вернемся да пачатку. Выспа называная ў цяперашняй Нямеччыне Руген, колісь (у першым, прынамсі, тысячагодзьдзі нашай эры) слыннай была на індаэўрапейскай прасторы як сакральны цэнтар Веды й Веры. Гэта якраз тут, на мысе Аркона, месьціўся незвычайны горад Рэтра, з храмам-капішчам Радэгаст. І тут жылі магутныя, мудрыя ведуны, што валодалі не адкрытымі й дагэтуль таямніцамі зладнага суіснаваньня ўсяго з усім — малога зь вялікім, Верху зь Нізам, нутранога з вонкавым. І гаспадарылі тыя ведуны на сьвятарнай зямлі, зьбіраючы ВЕЧА й вырашаючы ўсё РАЗАМ. І жыла тут сьветлая радасьць (недарэмна ж мянаваўся храм Радэгастам…)

Так спаміналі ў падарожных запісах пра чароўны Руян – кропку красы й сілы, абдыманую халодным морам, чужынцы-вандроўнікі, пераказваючы кожны па-свойму адну й тую ж праўду: валодаюць гэтыя венэды (аб’яднаныя балтаславянскія плямёны) незвычайнай магутай, ды ня толькі фізычнай, але энэргетычнай, духовай, бо ведаюць і спавядаюць нейкія адно ім зразумелыя законы лучнасьці са сваімі багамі.

Гэтак яно й было. Прынамсі, рэшткі тае арыйскае культуры, ахвярна зьберажоныя зямлёй, пацьвярджаюць: у гэтай сакральнай прасторы дзеелася нешта надзвычайнае, і гэтае НЕШТА надавала ўсяму людзтву асаблівай адвагі ды самапавагі, трымала ў гармоніі ды спакоі чалавека й сьвет.

Ды аднойчы казка заканчваецца. Заканчваецца зазвычай якраз тады, калі героям не стае моцы адолець усе выпалыя на долю выпрабаваньні. Альбо тады… калі мудрасьць дыктуе харобрасьці: “ня біцца, а мірыцца”. Не, ня з ворагам-нашэсьнікам мірыцца, а зьмірыцца з дадзенасьцю, прыняць непапраўнае. Каб захавацца. Каб ахаваць і перадаць далей Веду й Сілу.

Мабыць, так яно й сталася на той далёкай, але такой роднай нам зямлі. Бо ўсё цяжэй было ведунам трымаць аберуч сваю пракаветную веру перад наступам мяча й крыжа. Бо з захаду неадступна ішлі войскі заваёўнікаў, і нават сам Белабог (Сьвятавіт) з дружынай на 300 вершнікаў, што сьцерагла спакой Рэтры, ня мог справіцца з нашэсьцем новай веры й новага ладу. І толькі белыя коні Арконы паўставалі адзіным ратункам і збавеньнем. Белыя коні, што ляцелі скрозь імглу, несучы найкаштоўныя скарбы капішча на захаваньне ў новым прыстанку… Белыя коні, што так нагадваюць нам этнічны старавечны герб “Пагоня”. А, мабыць, Аркона – і насамрэч расчытваецца як АРыйскі КОНь, а часьціна слова “кон” папярэджвае пра немінучасьць некаторых лёсавызначальных падзей? Тады і ўзапраўду “Пагоня” – белы конь Сьвятавіта (а таму з Пагоняй за часам ВКЛ можна было толькі выганяць ворага са сваёй радзімы, аднак ніколі не наступаць…)

Але перш чым выправіцца ў пошук новай мясьціны для ўкараненьня прадзедавай Традыцыі, ведуны, падобна, засылалі на ўсход, дзе жылі асілкі-волаты, дзе ў дрымучых пушчах зьберагалася моц часоў, сваіх прадстаўнікоў. І гэтак аднойчы на слынным шляху з варагаў у грэкі паўстаў велічны Полацак – з гэткім жа, як на Руяне, дзяржаўным кіраваньнем праз народнае ВЕЧА й з мудрым князем Рагвалодам. (Меркаваньні гісторыкаў, што Рагвалод мог паходзіць са скандынаўскіх краёў, заўсёды падавалася досыць сумнеўным, бо славянскае імя князя паказвае, хутчэй, на прарадзімны Руян, і ўладаваньне грамадзкага жыцьця палачанамі таксама выводзіць да звычаёвай культуры руянскіх балтаславян — венэдаў.)

Вось і высноўваецца гэткая магічная повязь Руяну, культу Сьвятавіта, які валодае рогам багацьця й гармоніі, і Полацку: у мінуласьці ўсё збудоўвалася на сымбалях, знаках, вобразах, і князева імя зусім не выдае на выпадковае – менавіта ён валодае тым самым чароўным рогам і кіруе Полацкам па законах, усталяваных да таго ў руянцаў. А з такой повязі выпрадаецца нітво сакральнасьці, сьвятарнасьці Полацку. І паўстае наш пачатковы горад Месцам Сілы, абраным богам Сьвятавітам і руянскімі ведунамі дзеля ўмацаваньня спрадвечнай Традыцыі. І зразумелым робіцца крывавы

разбой князя Ўладзімера менавіта ў Полацку, скуль струменіць у сьвет вялікая неадольная Сіла, наймоцная з усяго, што бывае на плянэце Зямля, – стваральная, белая энэргія. Гэта з адчаю, што не дастанецца яму неацэнны скарб, разам з дачкой рагвалодавай, Рагнедай, раззлаваны нападнік вынішчыў усю княжую сям’ю, спаліў горад і зьвёз паланянкай у свае палаты дзяўчынку, што адмовілася “разуваць рабыніча”. А насамрэч мэтай ягонай было завалодаць той энэргіяй, Сілай, адкрытай тут колісь руянскімі ведунамі й прамудра карыстанай на агульнае дабро й заможжа Рагвалодам, ягонай радзінай і дружынай.

Аднак спрадаўна вядома, што энэргія – разумная, і не паслугуе разбуральнікам. Альбо паслугуе. І захоплівае тады ў сваё падпарадкаваньне самога пажадніка. Князь Уладзімер пасьля расправы з пантэонам багоў на Дняпры павярнуўся да хрысьціянства. Пакінуўшы на пасадзе стоды Перуна й Вялеса, – на абарону. А заняпалы Полацак усё-ткі адрадзіўся. Праўда, род Рагвалодавічаў, падараваўшы нашай гісторыі асьветніка Ізяслава (сына Рагнеды, што адвёў руку маці, калі яна замахнулася на жыцьцё мужа-бязьверніка, і быў сасланы Ўладзімерам разам з маці-паўстанкай у наўмысна заснаванае дзеля іх Заслаўе пад Менскам), Усяслава Чарадзея, Эўфрасіньню Полацкую, паціху згас.

Магчыма, ведуны Руяна гэта ведалі задоўга наперад і прадугледзелі новы ход. Бо на пачатку 12-га стагодзьдзя, пакуль Рагвалодавічы намагаюцца выжыць і захаваць цэнтар сілы, а Руян падпадае пад жорсткі націск ахрысьціянізаваных датчан і храм Радэгаст, гэтак жа, як некалі Полацак, у 1169 годзе вынішчае кароль дацкі Вальдэмар I, сьвятары-руяне, здаецца, ужо акрэсьлілі ратавальны шлях. І пасьпелі-такі перамясьціць цэнтар Сілы далей ад крыжацкіх набегаў з захаду.

І ня дзіўна тое зусім. Бо Сілу можна прыглушыць, але ня вырваць з коранем. Бо Сіла знаходзіцца глыбей, чым можа сягнуць усялякі руйнавальнік. Бо Сіла занадта тонкая, каб злавіць яе мячом ці шабляй, і цэнтар яе вылічваецца не ў геаграфічных каардынатах, але ў каардынатах прысутнасьці Духу.

Шлях Вояў Сьвятла.

Вось дзеля чаго тады, у гістарычнай далечы, каб ня згінула Традыцыя, балтаславяне – венэды зрушыліся зь месца, з гнязда, збэшчанага чужынцамі. Ня ўсе, вядома. Як і ня ўся колісь прадаўна мітычная Атлянтыда памкнулася бараніць і перазахоўваць Веду. Заўсёды ж ёсьць Адказныя, Павадыры (ня блытаць з правадырамі!) і тыя, каго Біблія мянуе статкам.

Пераважная бальшыня насельнікаў Руяну паддалася ўплывам немцаў і датчан, а сьвятарства абрала за кропку прышчэпу Традыцыі мястэчка Ромава, блізу прускага Кёнігзбэргу. І там ажыла, ачуняла Сіла руянскага першасьвятара Крывэ-Крывэйтэ, што валодаў надзвычайным магічным інструмэнтам – крывым жэзлам, вылучалым наймагутныя энэргіі, і перадаваў яго па сьвятарскай лініі як найважны атрыбут улады. (Ці ня быў гэта той самы чароўны рог Сьвятавіта, які стод бога “ўтрымліваў” у правай руцэ?..)

Прынамсі, на такія здогады паклікаюць непераказныя веліч і хараство храмаў на мысе Аркона й прадметаў, знойдзеных у раскопах. Ці не з падмогай нейкіх цудадзейных прылад сатварался прыгоства храмавага ўбранства, зграбныя руянскія ладзьдзі, уваходная брама ў мітычны горад і безьліч усялякага багацьця, пра якое дапушчальна меркаваць па напаткалых адмыслоўцамі прыкметах і сьлядох?

А ўсё ж адным з найкаштоўных скарбаў руянцаў ёсьць створаная ведунамі руніка – магічнае знакавае пісьменства, празь якое ўкладалася й перадавалася сакральныя арыйская Сіла й за якую змагаліся ў бязьлітасных войнах і бясслаўна гінулі драпежныя ваяры цемры.

Затое Воі Сьвятла нязьменна перамагалі. Нават калі даводзілася адступаць і перамяшчацца ў новыя, незнаёмыя, далягляды. Сьвятарная ж Традыцыя вызнае найважкасьць не фізычнага існаваньня, а духовага пашырэньня й памацненьня. І легендарны Крывэ-Крывэйтэ, нашчадкам якога аднойчы, у Крывым горадзе Вільні, зьявіцца пачынальнік княжага роду Радзівілаў, вёў духовы рэй так, каб ня зьнікла гаючае руянскае сьвятло. Каб неадольна бруяла па ўсім руянскім гасьцінцы таемная сьвятарная Сіла – вядунская й ваярская.

Гэтак яно ўсё здарылася ці іначай, ніхто цяпер дарэшты не разблытае. Але ж Веда… яна вядзе. І дараджвае. І пуціну паказвае. Таму й схіляюцца шмат хто з дасьледнікаў да версіі ўгнездаваньня руянскай Традыцыі адпачатна ў Полацку (тым часам на мысе Аркона гэтаксама квітнела й дыямэнтавала шыкоўнае жыцьцё, ахоўванае ведунамі й воямі), і перадаваньня яе, ад перасьледу крыжакоў, на прускія землі, у Ромава, а затым пад Крывіч-горад – Вільню.

Зразумела, што рушаньне гэтае патрапляе на Ноўгарадчыну, містычнае возера Ільмэнь, дзе й цяпер шырэе вядунскае ручво й дзе жывадзеіць месца старога капішча, а пазьней ужо, калі ўцякалі прусы ад пагібелі на ўсход, зь мястэчка Ромава – у край Віленскі.

Хаця… У часы, калі выгнаньнікі-прусы падаліся ў Панямоньне, між рэк Вяльля й Вільня яшчэ няма гораду: яго закладзе князь Гедымін, пасьля вешчага сну на паляваньні, у 14-м стагодзьдзі. Таму руянская Традыцыя, наўпрост зьвязаная цяпер з пазбаўленымі сваіх зямель прусамі, засталёўваецца, пэўна, ля Наваградку – сталіцы ўтворанага ВКЛ, кіраванага князем Міндоўгам, верным старавечнай веры дзядоў.

І гэтак, поруч са славянскімі найменьнямі бостваў (Сьвятавіт, Ругевіт, Паравіт) і князёў (Рагвалод, Войшалк, Віцень, Вітаўт) зь непахісным коранем “віт”, што азначае жыцьцё й мудрасьць, упэўнена паўстаюць балцкія (Міндоўг, Гедымін). Гэтая зьлітнасьць абрадавых і маўленчых практык – мясцовай балцкай і славянскай з Балтыкі – спародзіць паступова той устойлівы, непарушны дасюль сынкрэтызм, які неадступна й спраўна бароніць нас перад усялякімі культурзахопнікамі: ані цалкам славянскімі (як тое мысьліцца некаторым расейскім шавіністам, што неабгрунтавана атаясамліваюць славянскасьць з рускасьцю), ані дарэшты балтамі цяперашнія беларусы аніяк не выяўляюцца. Непаўторнасьць гэткая, мабыць, і ёсьць выратавальным колам на крыжы цывілізацыйных дарог.

Ды яшчэ маўклівая прысутнасьць тут, дзе замоўна па-ранейшаму зьвяртаюцца ў немачы да Алатыр-каменя, своеасаблівых энэргетычных цэнтраў, утвораных задоўга да нас і ўхваленых народам песьнямі, балядамі й паданьнямі. Так, згодна зь легендай і з водсьветам ад яе ў паэме ліцьвіна Адама Міцкевіча Сьвет-возера Сьвіцязь хавае ў сваіх глыбінях затанулы горад, і сьцерагуць тое падводнае селішча дзевы-сьвіцязянкі, што ахвярна пайшлі на дно ад нечыяй помсты-навалы.

Вядунскі водсьвет Сьвіцязі.

Вось ён, наступны прыстанак руянцаў пасьля разбуранага капішча ў Ромаве – Сьвіцязь. Гэткі містычны адбітак пакінутай Арконы: пасярод вады сьвяцілішча (дасьледнікі знайшлі тую падводную скалу ў Сьвіцязі, на якой мог месьціцца храм) і адважныя вайдэлоткі – ахоўніцы капішча й сьвятарнага вагню (на Руяне такія дзевы мелі назьвіска Вісны й былі харобрымі воямі, а ў аповедзе пра старадаўні Полацак вобраз Вісны, гатовай бараніць гонар сям’і, роду, набывае Рагнеда – паланянка, што ўзьняла меч на свайго гвалтаўніка).

Верагодна, на Сьвіцязі й зьвязаўся гэты непарыўны вузел Традыцый – мясцовай, яцьвяскай, і руянскай: балцкае слова “вайдэлот” і панятак, за ім замацаваны, увасобіліся ў вобліках дзівосных дзеў-вядунак, а сьвятарная магута Крывэ-Крывэйтэ займела праяву ва ўсім крывым – інакшым, чым звыклае, штодзённае. Гэтак, і цяпер часам зімовага й веснавога раўнадзенства адмыслова адлічваюцца крывыя (сьвятыя) вечары, якія маюць свае характарыстыкі і ў якія забаронена ўчыняць пэўныя дзеяньні, здатныя парушыць (прапароць, раскроіць, праткнуць) тканку Сусьвету.

Выходзіць, што тут, вакол Сьвіцязі, пасьля заняпаду цэнтру Сілы – Полацку ўздымалася наноў наша Традыцыя. І тут набіралася жывы-энэргіі наша сутнасьць. Выходзіць, ізноўку вера наша спрадвечная схавалася ўглыб, у бяздоньне – у бяздоньне нашых душ і нашага Сьвет-возера, а часьцінка ейная гэтак жа, як некалі часьцінка-яскарка з выспы Руян, знайшла сабе дарогу да сутоку рэк Вяльлі й Вільні, дзе заснавалася, як нітво на кросны, вядунская мудрасьць і прагледзістасьць у палатно неасягальнае й непераможнае Традыцыі. Але перадусім на Сьвіцязі, дзякуючы тутэйшым ужо звычаям, прыбылыя руянцы таксама сталі насыпаць пахавальныя курганы, аддаючы нябожчыкаў зямлі (на Руяне памерлых выпраўлялі ў ладзьдзях па вадзе): тут і цяпер заўважныя ў ваколіцах курганы-валатоўкі, у якіх пахаваны, нібыта, волаты – абаронцы Айчыны, народжаныя ад каханьня ў купальскую ноч. Тут з таямнічага возера шпарка выбягае невялічкая рачулка Сваротва (з санскрыту – Нябесная рака), і гэта наўпрост зьнітоўваецца з культам нябеснага бога-абсалюту (іранскага Сварога) і праслявянскімі Сварожычамі – Перуном, Ярылам і Дажбогам. Вось яно як, аказваецца, усё паяднана ў той глебе мінуласьці – і насамрэч Усё з Усім. Ці ж не пра тую самую паяднанасьць нагадваюць пад Наваградкам гара Радагошча (храм Радэгаст на выспе Руяне памятаеце?) і трохкутная царква Варута, збудаваная на месцы гэткага ж трохкутнага паганскага капішча?

І як полацкія крывічы – абярожнікі Цэнтру Сілы – перанялі, відаць, найменьне сваё ад руянскага першасьвятара Крывэ-Крывэйтэ, ад якога й зьявіўся на гэтыя землі князь Рагвалод (валадар сьвятавітава рогу Ўрадлівасьці?), так і люцічы, што прыйшлі да Наваградку са сваімі сьвятынямі й праклалі дарогу па ўсёй сучаснай Беларусі (мяркуюць, кампактна жылі яны й пад Койданавам), спакваля сталіся асноўным этнаўтваральным племенем – лютвой (літвой), надаўшы імя затым магутнай дзяржаве ВКЛ. Крывасьць жа (сьвятарнасьць), запачаткаваная (магчыма, і насамрэч руянцамі) на Полаччыне, напоўніцу ўвасобіцца ў сьвятавітавым капішчы блізу Вільні, і традыцыю сьвятарства Крывэ-Крывэйтэ пяройме ліцьвінскі вядун Лізьдзейка.

А руны… Руны нарэшце прыгарнуліся да рук спадкаемцаў, і мы, усьлед за руянамі (ранамі, якія ранілі дрэва ці камень, каб тыя прынялі ў сваё цела інфармацыю рунічных знакаў і веставалі празь іх ісьціну. Мы, дарэчы, гэтак жа ранім плугамі зямлю, каб узышла рунь – перадавальнік энэргіі ды інфармацыі Зямлі й Неба) здабываем найвышшую мажлівасьць “гаварыць” са сваім Божым “Я” і сваёй Доляй праз таемныя знакі папярэднікаў.

Антаніна Хатэнка.

No Comments

Sorry, the comment form is closed at this time.