22-га чэрвеня Дрэва Сонца наладжвае Купалле
«Дзе Купала начавала?…»
Купальле… Штогоду гэтая ноч зьбірае вакол зіхоткіх вогнішчаў мноства прыхільнікаў старажытнай культуры – той культуры, што й дагэтуль суграе нашы сэрцы й адорвае найвышшым дарам зьлітнасьці са СВАЁЙ зямлёй, з далёкай, вырайнай, прарадзімай продкаў, адкуль прылятаюць душы пераемнікаў.
Сёлета запрашаем усіх, хто рухаецца Шляхам Этнасу, далучыцца да купальскага сьвята, традыцыйна ладжанага ў даўнім мястэчку Ракаў, і паспрабаваць патрапіць у тую непарыўную повязь між папярэднікамі й наступнікамі, пасярэдзіне якой, у цэнтры Сусьветнага Дрэва, жывём і сілкуемся памяцьцю Мы – сучасьнікі Краіны Беларусь.
І гэтак, 22-га чэрвеня зьбіраемся на ракаўскім пляцы каля царквы а 18-й гадзіне.
Каб добра й ладна пачувацца ў купальскай дзеі, парупцеся перадусім пра ўбор: апранеце белыя (з чырвоным вышываньнем) кашулі й тканыя андаракі (юбки). Зразумела, ня ўсе маюць традыцыйнае ўбраньне. Тады вынайдзіце хаця б нейкія абярожныя элемэнты (па белым полі мае быць хоць адзін чырвоны ніт альбо пас): Купальле – ноч супраціву-сутыкненьня Сілы (энэргіі) Сьветлай і цемры нашэснай. Вось дзеля абароны ад чужынскіх, ліхіх, уплываў і варта ўлічыць прысутнасьць у вопратцы абарончых колераў.
Да таго ж, мы настроены змайстраваць купальскую абрадавую ляльку –Купаўку: ствараецца на крыжавіне з драўляных пруточкаў, прыбіраецца, як паненка – ярка, калярытна, фантазійна, з істужкамі, тасёмкамі ды нейкім асаблівым сакрэтам (пацерынкай, персьцяньком, завушнічкай і г.д.). Купаўцыадведзена жыць усяго адну – самую кароткую ў годзе – ноч, каб споўніць нашы патаемныя жаданьні. А дзеля зьдзяйсьненьня гэтай найважнай місіі мы надвячоркам выправім яе ў магічную дарогу па вадзе.
Купаўцы на строй (апранку) захапеце кожны з сабой нейкую аздабленчую дэтальку (тое, праз што вы хацелі б старога пазбавіцца, а новае прыклікаць у сваё жыцьцё) – сплеценыя ніты, пасак, аздобу на галаву ці на рукі альбо дэкаратыўныя ўпрыгожаньні. Тканіна й крыжавіна-аснова дзеля ляльчынага ўбору будуць падрыхтаваны ад імя ўсяе нашае грамады папярэдне арганізатарамі. Істотная прыкмета: не аддавайце нават абрадавай ляльцы той рэчы, зь якой у вас асацыююцца шчасьлівыя моманты жыцьця: няхай яна й надалей вылучае добрыя, сьветлыя энэргіі ўдома.
Зычлівы гасьцінец Старой Літвы чакае нас. І павядзе ў ноч Перамен.
Але перадусім нам ТРЭБА знайсьці адпаведныя зёлкі й папрасіць іх асьвяціць нашу злучнасьць з усімі стыхіямі, што валадараць у гэту незвычайную пару (замовай альбо асабовым зваротам да Зямлі), затым праўдзіва, пад абрадавае сьпяваньне, зьвіць вянкі (дзяўчатам-жанчынам – на галовы, дзецюкам-мужчынам – на стан); разьвітацца рытуальна з Сонцам — вячэрай з пэўных страў; скласьці вогнішча (тут функцыя кожнага – захапіць з сабой нешта старое, аджылае дзеля спальваньня яго на выбудову энэргетычнай мяжы ад збытнага да наступнасьці).
Дык вось: кветак-зёлак на вянкі маем намер назьбіраць разам, загадзя (каб не спустэліць дарэшты тую лагчынку спасярод старадаўніх валоў, дзе мае адбывацца сьвята) у таемным месьцейку на рацэ Іслач: сталым спадарам трэба будзе сплесьці вянкі, у якіх пераважаюць дубовыя галінкі, а спадарыням падыходзіць усялякае зельле, якое вам даспадобы – рамонак, браткі, папараць, купальніца, сьвятаяньнік і кмен, кроп і валошкі, а таксама палын, рута, купена, мята і шмат якія іншыя. І зьбіраць іх належыць ад восьмай да дзясятай гадзіны раніцы альбо ад пятай да шостай вечара – калі цалкам высыхае раса.
Паспрабуем не спазьніцца!
А далей… Далей стыхія чароўнай начы павядзе сама – здолець бы ёй даверыцца ды адважна ўвайсьці ў плыню сьпеваў, карагодаў і… пошукаў дзіва-кветкі папараці.
Вось тады й адкрыецца Радасьць. Тады нас прыме Пуцявіна Шчасьця.
Цяпер жа, на ўздыме ў прастору Купальля, падрыхтуйцеся да Агнявога Ачышчэньня й Напаўненьня Жывой Вадой Традыцыі.
Нагадваем: да абрадавай вячэры гатуюцца
бліны (колазваротнасьць году, жыцьцяў, сонцавай хады);
яечня (сымболіка няспыннага ўзнаўленьня з руйнасьці) ;
рыба (смажаная альбо селядзец) – прымкнёнасьць да стыхіі вады;
сыр;
кулага (кісель зь першых ягад);
верашчака (мясная альбо грыбная поліўка з цыбуляй, мукой, сьмятанай);
квас (колісь рабілі самі).
Не забудзьцеся прыхапіць дастаткова пітной вады і ратавальныя сродкі ад насякомых!
Купальлем апякуецца Пярун-грамаўнік, таму не залішне будзе мець пры сабе непрамакальныя накідкі – дзеля сховаў ад дажджу, а таксама покрывы, якія можна разаслаць на траве дзеля адпачынку.
Дадаткова зазначаем: гэтым годам на той самы дзень, што й Купальле(астранамічнае), прыпала Тройца (Сёмуха, Зялёныя сьвяткі), згодна з праваслаўным календаром. Таму ў Духаву суботу 22-га чэрвеня, перад тым, як далучыцца да купалаваньня, пажадана наведаць могілкі (асабліва ж – пахаваньні непадалёк ад Менску) ды ўшанаваць памяць Дзядоў: абмесьці магілы галінкамі бяроз альбо клёнаў; павітацца з родам зялёнымі яйкамі (загадзя пафарбаванымі ў бярозавым лісьці) – пакачаць яйкі крыж-накрыж па жалобным пагорку, прамаўляючы замову альбо малітву. У пятніцу ж, насустрач Тройцы й Купальлю, высьцеліце сваё жытло й двор стужкамі аеру, а на покуці, за рамкамі й карцінамі, за абразамі, бэлькамі няхай “зазелянее май” – невялічкія букецікі бярозавага, кляновага вецьця. Гэтак мы прывецім Вечнасьць, у якую сышлі продкі й зь якой выбіраюць сабе пуціну нашчадкі. Гэтак Дух Сьвяты (найвышшая з энэргій, дасягалых долу), што сыходзіць на Зямлю ў Сёмуху, паспрыяе нашай Цэласьці, складванай у купальскую пару.
…Дык дзе ж Купала начавала? Ці дазнаемся? Багіня не паказваецца навідавок. Але ў непралазнай гушчэчы, дзе ўспыхвае ірдзяным цьветам папараць, дзе асьцярожвае ўсё Жывое Купальскі Дзядок-продак, менавіта энэргія Купалы запальваецца прывідным Сьвятлом яднаньня – мінуласьці з прышласьцю, прыроды зь людзьмі, зямлі зь небам, мроі з рэчаіснасьцю.
А народ апавядае зь веку ў век паданьні пра Перунову кветку: на Купальле сыходзіць на яе вагонь Перуна, і загараецца яна яскрыстай зоркай у пушчах і гаёх. Той, хто завалодае чар-кветам, зразумее мову зьвяроў і птушак, зможа адамкнуць любыя замкі, знайсьці скарб. Але дабрацца да цуднай расьліны нялёгка. Прынамсі, трэба дзеля гэтага ведаць некаторыя правілы. Найперш выпраўляцца на пошукі важна аднаму. І на гэта спатрэбіцца немалая адвага. А каб квет не схаваўся й даўся ў рукі, добра мець пры сабе грамнічную сьвечку ды тое самае, назьбіранае папярэдне, сьвятаянскае зельле. Гэтак толькі й магчыма абараніцца ад нячыстай сілы, якая таксама напоўніцу весяліцца ў купальскую ноч.
Адзіны Купальскі дзядок можа рваць Перунову кветку без перашкод. Ён ходзіць з кошыкам і напаўняе яго краскамі, і сам кошык ягоны гарыць, як жар. А як сустрэнецца зь ім каторы харобрац, трэба пасьпець разаслаць белы абрус. Тады Дзядок кіне на бел абрус адну квяціну — і адкрыецца прыродны куфар таму, хто зловіць бясцэнны дар.
Але ніхто ніколі не знайшоў, здаецца, вядунскай папараці. Спамінаюць, што шукальнікі шчасьця часьцей патраплялі ў абдоймы нячысьцікаў і зьнікалі бясьследна, чым награбалі таго дзіва-жару.
Мабыць, куды прасьцей усё ў народнай культуры, чым здатны ўявіць чалавек урбанізаваны: не бывае дарэмнага шанцу – за ўсё патрабуецца плата (перадусім плата выпрабаваньнямі й гартам), і Купальле – не здабытак, а Шлях. Той Шлях, які адольвае радасна кожны, хто шукае Сьвятла…
P.S.: Сэмінар платны. Кожны мае прыўнесьці ў купальскую скарбонку 200.000 руб.
Тэлефон для даведак і ўдакладненьняў:
+375 29 270 41 78 (МТС)
+375 25 633 75 77 (Лайф)
Антаніна Яўгенаўна Хатэнка

No Comments