29-га студзеня — Ратавальны водсьвет грамніц.

29-га студзеня — Ратавальны водсьвет грамніц.

Запалі сьвечку… І змрок расступіцца!

Запалі сьвечку. І зьявіцца прачыстае Сьвятло.

І адслоніш ліха. Адвядзеш немач.

І прывеціш Радасьць!

Сатвары Грамнічную сьвечку – абярог на ўвесь год.

Ахавай свой дом, свой лёс, свой род.

 

Народны звычай адзначаць спасярод зімы (2-галютага – у каталіцтве, 15-га – праваслаўнай царквой) вагністыя Грамніцы – Перуноў дзень, калі па ўсім Краі мільгацяць мірыяды трапяткіх сьвечак, сягае далёкай даўніны й нагадвае нам пра хуткабежнасьць жыцьця, якое, быццам сьвечка, трымцьліва гарыць пад вятрамі лёсу й спрабуе асьвятліць кожнаму шлях да ладу, шчасьця й любові. Але перадусім Грамніцы спрадаўна вястуюць суровую праўду абароны – абароны годнасьці, сваіх каштоўнасьцяў, сваіх прынцыпаў, асабовай вартасьці й гонару свайго роду, абароны роднай зямлі ад нашэсьця чужых разбурэнчых уплываў і чужынскага захопніцтва. І таму менавіта Грамніцы ў гадавым каляндарна-абрадавым колазвароце паўстаюць магічнай ахоўнай вартай перад містычнай Брамай, празь якую адзінамагчыма зрэдзьчасу ўваходзіць у сьвет, інакшы ад фізычнага, – у валадараньне энэргій найвышшых, Богавых.Распараднікі ж у гэтай таемнай прасторы — Грамаўнік і Грамаўніца, міталягічная пара, якая ў Каляды падаравала Сусьвету сына – адноўленае Сонца.

А яшчэ Грамніцы называюць Стрэчаньнем. Стрэчаньнем зімы зь вясною й вагню нябеснага, сонцавага, з вагнём зямным, што пачынае спакваля абуджацца ў нетравых глыбінях, каб сугрэць да сяўбы глебу. Вернікі ж хрысьціянскай царквы спамінаюць, як на саракавы дзень па народзінах Збаўцы сустрэліся Бог і чалавецтва, Стары й Новы запаветы, сьвяты Сімяон зь немаўляткам Хрыстом – і ўвачавідкі адбылася духовая пераемнасьць: старое саступіла месца новаму, а галубы, прынесеныя ў храм Багародзіцай і ейным мужам, ператварыліся ў сымбаль міру й пагадненьня.

Спаконвечная традыцыя прадугледжвае выпяканьне насустрач Грамаўніку й Грамаўніцы кожнай матуляй у кожнай хаце дочкам мучных сярпоў, а сынам – кос, а таксама распачын мужчынамі дагляду земляробчых прылад, а жанчынамі – тканьня на кроснах. Гэтак у народзе спакваля рыхтуюцца да вясны, да засяваньня новага ўраджаю й тканьня новых палотнаў лёсу. Аднак жа найгалоўная дзея ў гэтую пару — выраб грамнічных ахоўных сьвечак і адмысловае іх асьвячэньне  — спрадаўна ў капішчах (сьвяцілішчах), пазьней – у храмах. Бо Грамніцы ж выразна дэманструюць  увасабленьне старажытнага культу вагню й наўпрост зьвязаны з магутнай энэргетыкай гор, камянёў ды гэткіх мацавітых (перуновых) дрэў, як дуб і ясень.І да нашых дзён спраўджваецца безьліч грамнічных метэаназіраньняў-прыкмет:

  • Грамніцы — зімы палавіца;
  • Грамніцы – скідай рукавіцы;
  • які нораў у Грамніц, такі ж і ў будучай вясны: мароз у грамнічны дзень прадвяшчае хуткі сыходсьнягоў і сухое пагоднае лета; мяцеліца  — да вясны працяглай і супярэчлівай;  цяплынь на Грамніцы “папярэджвае” пра вясну шпаркую, а лета непагоднае й малаўраджайнае (“Калі на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я вол пад’есьць травіцы”).

Спрадвек асноўным атрыбутам межавога стрэчаньскага сьвята ёсьць абярожныя сьвечкі, адораныя надзвычайнай чараўнічай сілай, а таму  рытуальна скарыстоўваныя цягам году (ад Грамніц да Грамніц) у розных сямейных абставінах і ў стасунках з навакольным сьветам. Полымя грамнічнай сьвечкі– ГРАМНІЦЫ прыроўніваецца да жывога вагню, здабыванага ад маланкі альбо з дрэў ці камянёў, і валодае гаючымі ўласьцівасьцямі. З прычыны асаблівай місіі грамнічнай сьвечкі ў чалавечым шматстайным жыцьці яе пашанотна загортваюць у кужаль і ганарова захоўваюць на покуці, за ручнікамі-набожнікамі й абразамі.

Магічнае ўжываньне грамнічнай сьвечкі:

  • асьвятляе народзіны дзіцяткі на сьвет;
  • падмагае ў выпадку цяжкіх родаў (гарыць на покуці);
  • злучае лёсы й рукі маладых на вясельлі, асьвячае абрадавы вясельны каравай;
  • “праводзіць” чалавека ў іншы сьвет (сьвечку даюць у рукі ў момант паміраньня, а пасьля кананьня адымаюць і гасяць, праводзячы над памерлым крыж-накрыж); ачышчае дарогу душы да Бога (гарыць у галавах нябожчыка перад пахаваньнем і каля партрэту ў памінальныя дні);
  • “заклікае” продкаў да роду на Дзяды (запальваюць на падваконьні);
  • надае моцы першай рошчыне хлеба з новага зерня (абкурваюць дзяжу з квашнёй);
  • адганяе цемрадзь і нечысьць на Купальле (запальваюць на варотах і весьніцах);
  • бароніць ад маланкі й грому, ад пажару (калі запаліць на пачатку навальніцы на покуці);
  • ратуе дзяцей ад сурокаў і пярэпалахаў (падчас першага грому сьвечкай прыпальваюць крыж-накрыж з чатырох бакоў валасы дзіцяці);
  • адпрэчвае ліха ад хаты й сядзібы, ад нівы й жывёл (грамніцай  выпальваюць на бэльцы жытла ахоўны крыж, зь ёю абыходзяць двор і гарод, сьвечку бяруць з сабой на першы выпас і ёю абкурваюць гаспадарчыя будынкі);
  • спрыяе ўраджайнасьці (паляць часам першага ворыва й зажынак);
  • засьцерагае ад граду (з запаленай сьвечкай абыходзяць палеткі ў градавую сераду  — пасьля Каляд, Вялікадня й Сёмухі);
  • адольвае помарак (супраць эпідэмій абносяць сьвечку-грамніцу вакол вёскі й накожным з чатырох канцоўзаліваюць зь яе воску ў загадзя падрыхтаваныя ямкі);
  • суцішае зубны боль (калі кусаць сьвечку хворым зубам альбо абкурваць яго дымам грамніцы праз варонку);
  • збаўляе ад каўтуна (кожны валасок, адзін за адным, перапальваюць грамніцай);
  • адсланяе ўсе хваробы, немачы, нягоды ад сям’і (з умовай выкананьня пэўных абрадавых дзей з асьвечанай сьвечкай у грамнічны дзень);
  • падказвае ў варожбах (чыя сьвечка-грамніца першай загасьне ў храме, той першым і памрэ, а ў каго доўга палымнее й воскамкропае на рукі,  таго чакае шчасная доля);
  • памацняе замовы на каханьне й спатканьне з суджанцам;
  • ачышчае дом ад цёмных энэргій і разнастайных насылаў;
  • прагназуе надвор’е (запаленыя грамніцы трашчаць у храме на грымотнае лета);
  • спыняе сваркі-лаянкі й канфлікты, замірае супраціўнікаў.

Падаём этнаграфічную даведку пра падрыхтоўку й рытуальнае выкарыстаньне грамнічных сьвечак.

Воск да Грамніц зьбіраюць загадзя, а вырабляюць сьвечкі ў апошнюю перад сьвятам суботу.

Сьвечкі-грамніцы адметныя сваімі незвычайнымі памерамі: этнографы другой паловы XIX ст. сьведчаць, што даўжыня грамнічнай сьвечкі сягае прыкладна 10 вяршкоў (44 см), а таўшчыня – 3 чвэрцяў вяршка (недзе каля 3,5 см). Такія памеры абумоўлены перад усім штодзённай практыкай гаспадарчай дзейнасьці й шматлікасьцю абрадавых сытуацый, у якіх грамнічная сьвечка паўстае ключавыматрыбутам.

Пасьля асьвячэньня ў капішчы ці храме сьвечкі адмысловым спосабам загашаюць: пераварочваюць кнотам (жыўцом) да долу, затым хаваюць за пазуху. Вярнуўшыся да дому, гаспадар неадкладна дастае сьвечку, жонка запальвае яе…- і адбываецца абавязковы абрад вагністага крыжаваньня. Спачатку бацька абпальвае крыжападобна валасы на сваёй галаве, потым жонцы і ўсім астатнім сямейнікам (адпаведна з узростам). Затым усёй сям’ёй кіруюцца ў хлявы, дзе вагністыя крыжы выпальваюцца на поўсьці кожнай жывёліны.

На завяршэньне перасьцерагальнага абраду гаспадар ачышчае-асьвятляе палкім вагнём сьцены, вушакі, дзьверы жытла. А таксама асьвечанай сьвечкай абпальвае пастаўленыя на зімоўку вульлі. Напрыканцы абярожнай дзеі сьвечку гасяць, прыносяць у хату й хаваюць за бажніцу ці ў куфар. Існуе павер’е: каб злыдухі ня ўкралі гаючую абарончую моц грамніцы, варта трымаць яе як найдалей ад чужых вачэй. Ніхто староньні зазвычай ня ведае, дзе схавана грамніца. Ніхто нават не здагадваецца, што яна ў хацемаецца.

Запалі сьвечку! Няхай радасьць і смутак, здабытак і згубу, шчасьце й нядолю, хату й дарогу, любоў і расстаньне прасьвеціць вагонь ачышчальны – вагонь Традыцыі!  І не пазычай ніводнай яскры гэтай агнявой аховы – ніколі й нікому:грамнічная сьвечка непадзельна жыве й дыхае аднаму табе на ратунак і абярэг…

Запалі збавенчую сьвечку!

No Comments

Sorry, the comment form is closed at this time.