11-га кастрычніка — Змайстраваньне лялькі “Спарышы”.

11-га кастрычніка — Змайстраваньне лялькі “Спарышы”.

11-га кастрычніка этнічная школа “Дрэва Сонца” праводзіла восеньскі сэмінар “Мужчынскі й жаночы пачаткі ў народнай культуры. Палюбоўная магія. Змайстраваньне абярожнай лялькі “Спарышы””.

лялькаРоздум пра нашы повязі й балючыя разрывы, пра сутнасны зьмест народнай звычаёвай культуры ды захаваную дагэтуль верагоднасьць наўпростага кантакту з прыродай – усярэдзіне сябе саміх і ў векавечным навакольлі – стае водгаласам на адчутае й прачутае, на пазнанае й здагаданае падчас нашай вечаровай сустрэчы з майстрыцай Аксанай Акуневіч, якой грацыёзна ўдаецца жыць тут і цяпер, але не выпадаць з агульнакасьмічнай Цэласьці й ладаваць дом, сям’ю й справу ў жывой плыні Традыцыі.

У цэнтры еднасьці

Здаўна-прадаўна ў нашых краёх увосень, у часе Пакроў, чалавек рытуальна замыкае прастору свайго жыцьця: закрывае ад чужасьвету, абгортвае ахоўным покрывам замоў ды намоў. Бо гэтак адбываецца й з самой Маці-Сырой зямлёй — з жывой чуйнай істотай, якая якраз і злучае чалавека з каранямі й кронай — з продкамі і наступнікамі. І вось аднойчы, калі настае сьвята Пакрову (Пакровы, Пакроў – у нашай, крывіцка-ліцьвінскай, Традыцыі ўжываюцца ўсе тры найменьні восеньскага абраду, сымбалізуючы, напэўна, зрошчанасьць і роўнасьць мужчынскага й жаночага пачаткаў і злучнасьць адрозных энэргій у агульназборным “Пакровы), калі ўсё прыдбанае прыбрана, зьнесена й захавана ў сусеках, увесь лад жыткаваньня й мысьленьня, адчуваньня й маўленьня сымбалічна перамяшчаецца ўсярэдзіну: у глыбіню хаты, у своеасаблівы цэнтар еднасьці. Спрадвек жа вядома: у шчыльным зьвязе энэргіі зьбіраюцца, канцэнтруюцца, у раскрыленым, расхрыстаным стане – наадварот, разьліваюцца ў навакольлі, вольна й шырака. А восень, адпаведна, вымагае схову, одуму, засяроджаньня на сабе й сваім лёсе. Восень падрыхтоўвае да містычнага паміраньня ў палоне зімы, да ўваходжаньня ў гэткае пачуваньне зьнямеласьці, якое добра адбівае балцка-славянская руна “І”, што вястуе новы пачатак, уздым, узрух, нарошчваны менавіта ў зьледзяненьні-спакоі, у нязрушнасьці.

arhat.byГэтак ёсьць у сьвеце й насамрэч: кожны выток памятае й зьберагае магутную сілу плыні. Ёсьць гэтак і ў ручве нашай падсьведамасьці: мэдытатыўная немасьць выводзіць на голасную й яркую праяву. Бо неаспрэчна паяднаны ў Быцьці пачатак і край, народзіны й сьмерць, прадоньне й выша. Паяднаны ў Шлях. У той Шлях, на якім нястомна шукаюць сваю пару, сваю палову ўсе стварэньні, апынулыя на плянэце Зямля й пакліканыя пакінуць па сабе пераемнікаў. І цьвердзіць сурова Традыцыя: не нарадзілі мужчына з жанчынай дзіцятка – ня спраўдзілі сэнсу прышэсьця сюды, у сьвет матэрыяльны.

Восень жа, як ні адна пара кругаходнага году, дазваляе чалавеку ўгледзецца-ўслухацца ў сябе самога ды ўразумець-учуць уласныя запатрабаваньні: каго чакаю й як гатоў прывячаць; з кім ужо сустрэўся й якія стасункі зладжваю; што было, што вынікла й чым завершыцца можа… А заадно нялішне нясьпешна паўзірацца ў бліжыню й далячынь, у прыязьнікаў і знаёмцаў: мабыць, і ходзіць зусім побач доля мая, перакінутая ў дакорлівую нядолю, мабыць, не прыкмецілі нечага важнага ў дарагім-любым абраньніку, у звыкла-штодзённым калаўроце дзён.

І восень, як ніводная пара году, знаходзячыся ў апекавальных абдоймах Макашы й Жывы, цалкам падпарадкавана энэргіям жаночым — мяккім, плястычным, падатлівым, саступлівым, здатным да кампрамісаў… А гэта азначае, што не наступ ТУТ і ЦЯПЕР вырашальны, а тактыка й тактоўнасьць, абаяльнасьць і тонкасьць – гэткая тонкасьць зладжаньня адносін, як тонка выпрадаецца ільняное нітво дзеля тканьня палатна-радна.

У прыцемненай замкнёнай атмасфэры гадавога зьмярканьня жанчыны зазвычай ня так праграмуюць падзеі – у абрадах, варажбе й змайстраваньні абярожных лялек -, як “счытваюць” ужо напрацаваную інфармацыю й карэктуюць яе значэньне, ня так прывабліваюць зьмяненьні ў свае жыцьці, як змацоўваюць і замацоўваюць здабытае-асэнсаванае ды адмыслова падпраўляюць рэальнае пад ідэальнае, даводзячы яго да статусна існага. А лялька – варта азначыць – адыгрывае ці не ключавую ролю ў сатварэньні спадарыняй ладу й паразуменьня ў доме, сям’і й навакольнай прыродзе, бо менавіта гэтыя тры складнікі наўпрост уплываюць на фармаваньне нашай жыткі, матэрыяльнай і духовай, і нашага самапачуваньня ў родзе-народзе, прыцягваючы ў гасподу дастатак і адхіляючы нястачу, вястуючы радасьць і засланяючы ад нягод.

творчествоТаму гэтым часам як найшчырэй рытуальна дзячаць за ўраджай зямлі-матухне ды найбольш “нараджаюць” лялек “дабрабытных”, што зацьвярджаюць ідэі рупнага ў родзе гаспадараньня (пакроўскую Дзесяціручку – на спраўнасьць і ўвішнасьць ува ўсіх занятках), багатага прыбытку (Крупенічку, Зернавушку) альбо лялек-зьлюбнікаў (Неразлучнікаў, Спарышоў), а таксама лялек “агнявых” – на памнажэньне ў сям’і мужчынскай сілы (Сімяон Стоўпнік, прымеркаваны да “перасяленьня” абрадам “Жаніцьба коміну” 1-га( 14-га) верасьня вагню з панадворку ў хату, да агменю). Надзвычай адметную ролю спаўняе ў восені лялька Славутніца, што спрыяе жанчыне ўсьвядоміць і паказаць асабовыя годнасьць і гонар, сьцьвердзіць сваю непаўторнасьць, адзінкавасьць, здольнасьць парадкаваць і згарманізоўваць усё ў сабе й вакол сябе.

Дзіва-дзіўнае, але абрадавых лялек (ахоўна-абярожных, ачышчальных, засьцерагальных) і насамрэч НАРАДЖАЮЦЬ. Прынамсі, гэтак сьветла верыць і гэтак упэўнена даводзіць людзям Аксана Акуневіч – чалавек, улюбёны ў народную культуру неяк надзвычай мудра, спакойна й самадастаткова. Пазнаўшы таемнасьці ляльказьяўленьня “па кудзелі” – ад бабуль, веды якіх вядуцца з радаводаў ліцьвінска-беларускіх і ўральска-расейскіх, маладзіца зьнітавала ўсе праменьчыкі адвечнасьці ў Сьвятло, што струменіць і ліецца ў наш дзень лёгка, нязмушана й вольна. Так вольна, што, нібыта, зьнікае часавая мяжа, і на сэмінарах, праводжаных спадарыняй Акуневіч, апынаесься раптам у старадаўняй хаце, дзе ледзь мільгае вагеньчык лучыны й ціхутка гучыць напяваная майстрыцай мэлёдыя з прадалёкай старажытнасьці, дзе, падаецца, чутна прысутнасьць тых самых бабуль, “нараджалых” лялек сабе й дзецям на падмогу й дараду й пераемна навучалых сьвяткаваць у жыцьці кожнае імгненьне, узвышаючы яго да важкасьці касьмічнай дзеі.

Непарушны кодэкс гонару

семинарТак сталася й гэтым разам – 11-га кастрычніка, калі наведнікі й госьці “Дрэва Сонца” сабраліся падвечар на зладаваньне магічнай лялькавай пары — “Спарышоў” з Аксанай Акуневіч: перадусім патэнцыйныя “парадзіхі” аб’ядналіся ў энэргетычнае кола ў далучнасьці да энэргіі жыватворчай зямлі. А ўжо ў абярогу сілавога пасу Традыцыі магла распачацца й сама сьвятадзея, у якой і напраўду ўсё ператвараецца ў цёплую Суцэльнасьць, поўную надзеі, любові й пранізьліва-трапяткой адкрытасьці. А як жа іначай? Векавая Традыцыя выснавала й абвесьціла свае формулы кантактаваньня з па-засьветам, з абсягаў якога й мае “нарадзіцца” лялька. З прынцыпу касьмічнага падабенства “як у малым, гэтак і ў вялікім; як у вялікім, так і ў малым”, і багі, і зямныя дзеткі, і лялькі, прызначаныя спаўняць тут свае місіі, сыходзяць у сьвет з мацярынскага ўлоньня й “нажыўляюцца” мацярынскай энэргіяй. І ў народнай культуры жанчына, рыхтуючыся да лялькамайстраваньня, уваходзіла й насамрэч у стан, блізкі да перадродавага, – стан надзвычайнай нутраной цішыні й магутнага перадаваньня сваёй моцы ў наступнасьць, у той прамежак часу, калі зьяўленая зь яе рук і думак лялька мае маўкліва-непрыкметна Быць і Дзеіць у самай непрагляднай глыбіні чалавечых узаемінаў, у таемным зьвязе Яе й Яго, у счапленьні мірыядаў атамаў цела й мірыядаў душэўных і духовых зрухаў і непрадказальных выгінаў-паваротак. Таму й патрабуецца асаблівая, трымцьлівая, асьцярожнасьць у подступах да гэткай неадназначнай справы, як надаваньне матэрыяльнаму суб’екту (папросту, здавалася б, скручанаму зь нейкіх лахманоў і кусманоў тканіны) правоў на ўдзел у нечыім лёсе й наканаваньні — няхай сабе й толькі ва ўласным… У нейкім сэнсе, празь ляльку кабеты спрабавалі перамяніць тое, што не ўдавалася скласьці й сшыць рэчаісна.

І гэтае магічнае ўмяшаньне ў канву ўзаемін чалавека з чалавекам, чалавека з прыродай і нябачнымі яе насельнікамі (альбо й з Сусьветам), зразумела, мусіць быць адпачатна чыстым, першародным. Бо гэтак, усяго толькі ў дачыненьнях зь лялькай, якой спрабуем даверыць свае патаемныя жаданьні, мы ўмыкаемся ў такую магутную рэч, як архетып, падлучаючыся неўпрыкмет калі не да ўсёй грамады, што жыла спрадвек тут, на радзіме, то, несумнеўна, да сваіх продкаў, сваёй радзіны. Вось якая жывая непарыўнасьць нечакана раскрываецца перад тым, хто павяртаецца да Традыцыі. І якая адказнасьць паўстае за кожнае прамоўленае (а то й НЕпрамоўленае) слова і за кожны ўчынак: Традыцыя дысцыплінуе й зарганізоўвае, яна выпрацоўвае свой кодэкс гонару й свой, непарушны, звод правілаў. Прытым, не заўсёды магчыма вытлумачыць, чаму ўчыняецца менавіта гэтак, а не інакш. Залаты дэвіз “так трэба” накладае пэўныя табу на зьявы й знакі, на сымбалі, да якіх не дапускаюць усіх запар, да якіх трэба непазьбежна духова дарастаць і дасканаліцца.

Сьціпла спадзяюся, што мы, прыхільнікі Дрэва Сонца, дарасьлі (хоць і ня надта давалася лялька “Спарыш” напачатку некаторым да рук) — і здолелі злавіць тую інфармацыйна-энэргетычную хвалю, што сабрала-спалучыла ў сваім пругкім “целе” нягасную памяць вякоў, каб сёньня ня сорам было стаць упоравень з продкамі й ляпіць род з падатлівай гліны нашай, крэўнай, Традыцыі. Бо лялька, як і належыць ёй па сутнасьці, найперш бязьлітасна праілюстравала, ЯК усё ў нашых парах-зьлюбах вяглядае рэальна, цяпер (колькі месца й “паветра” мы адводзім свайму партнэру ў зьлюбнай супрацы й колькі аддае ён нам; наколькі мы прыгожыя, ладныя-складныя, самавартасныя й здатныя да ахвярнасьці адно з другім), а потым стала “падпраўляць” і “выроўніваць” усе перакосы й несумяшчэньні, усе няўклюднасьці й комплексы, назапашаныя й паўзрошчваныя ў сабе й, адпаведна, у “спарышным” бліжнім.

Ірукоделие лялькавае “дыягнаставаньне” (пакуль навучаліся ствараць пробны асобнік “Спарышоў”, услухоўваючыся ў звычаёвасьць) выявіла, у некаторых выпадках, гэтулькі аголенай праўды – пра нас і наша ўмельства кахаць і быць каханымі -, што карэктаваньне адбітай у ляльцы сытуацыі ператварылася ў сапраўдны творчы акт: быццам, самому табе падуладны тонкі сьвет усіх людзкіх повязяў, і ты паўнавартасна выладоўваеш новы строй гучаньня гэтага непаўторнага інструмэнту – парнай злучнасьці мужчыны й жанчыны, сьвятла й цемры, холаду й цеплыні, цьвёрдасьці й лагоды, мужнасьці й мудрасьці. Быццам дойлідна збудоўваеш наноў палац Любові, у якім усё – падказвае Традыцыя – можа быць хораша, надзейна й шчасьліва, калі два чалавекі не лянуюцца браць Веду з прамінуласьці, ад бабуль-дзядоў, і расквечваць ёю гэткую прытомленую, звалтужаную й пазбаўленую энэргіі Крэўнасьці сучаснасьць. Калі спарышна паядналыя дзьве душы сілкуюцца магутай з тае Бясконцасьці, распасьцёртай усярэдзіне й вакол, зь якой яшчэ чэрпаць і чэрпаць нам усім прыгаршчамі жывую ваду Традыцыі, наталяючы прагу па РОДнасьці, па сутве Усяго з Усім, далёкага з блізкім, напаўзабытага з наноўпрышлым.

Прыварот на радасьць і сьвятлынь

Вось гэтак і завершыўся адзін з восеньскіх сэмінараў, абудзілых у жанчынах ЖАНОЧАЕ дзеля новага ўздыму – праявы гэтай усясільнай ЖАНОЦКАСЬЦІ ў зьлюбе, у камунікацыях з мужчынам, ад якога чакаем ласкавасьці й пяшчоты й які чакае ад нас таксама ласкавасьці й пяшчоты. Як проста ўсё раскрылася ў абдоймах ціхай восені, у замкнёным храме Пакроў! Як шчодра й суцешна ўсё аддаецца, калі знаходзіш у бяздоньні ўласнай вечнасьці й прышэснай неперапыннасьці скарбы нерастрачанай, нікім не запатрабаванай сілы жыць, любіць, верыць, дараваць, ісьці насустрач адно другому, інтуітыўна прадчуваючы перашкоды й перамогі й прымаючы іх за падораную Багамі мажлівасьць добрых перамен.

спарышыІ зьдзейсьніла гэткі пераварот – прыварот на радасьць і сьвятлынь – маленькая лялечка “Спарышы”, сымбалічна зьяўленая з нашых памкненьняў, каб моўчкі заявіць старую й неаспрэчную ісьціну: усё ў тваіх руках. І насамрэч, дарагія спадарыні, усё ў нашых руках: сэмінар, асьвечаны нашай еднасьцю, вытканы праясьненым талентам Аксаны Акуневіч, як непадробнае покрыва над самай таемнай таямніцай Жыцьця – каханьнем, пацьвердзіў гэта літаральна. Бо ўдзячліва беручы ў рукі, звыклыя да кампутарнай клявіятуры, далікатную тканіну, празь якую магчыма сатварыць паразуменьне й згоду з параднёным чалавекам, ты ўзрушліва ўваходзіш у раку ўсяленскай Цэласьці, якой усё пра цябе вядома й якая гаворыць да цябе знакамі талерантнай Традыцыі, прычакалай свайго часу й сваёй хады ад папярэднікаў да наступнікаў.

No Comments

Sorry, the comment form is closed at this time.