2 лістапада – традыцыйны Дзень памінаньня продкаў, ДЗЯДЫ.

2 лістапада – традыцыйны Дзень памінаньня продкаў, ДЗЯДЫ.

Недзе там, за туманным небакраем нашага зямнога пабытаваньня, жыткуе Божая Таемства, якое ўсё ведае, памятае і ўтрапёна прадчувае. А мы, заблукалыя ў нястомных пошуках існасьці, спакваля звыкаемся з думкай, што так яно й мае быць тут, на Зямлі: шляхі людзкія пралягаюць празь невядомасьць, і толькі сьмерць зьлёгку прыўздымае заслону над сцэнай сусьветнага Быцьця ды адмяжоўвае сьвятло ад цемры, хуткабежнасьць ад вечнасьці, зьнікласьць ад Узыходжаньня. Але й гэтага нам ня дадзена дарэшты ўведаць і ўсьвядоміць

Прынамсі, куды зручней меркаваць менавіта гэтак: сьвет, падзелены надвая зьяўленьнем і сконам, падаецца сучасьніку, разгубленаму ў касьмічнай бясконцасьці, больш-менш зразумелым, лягічна зладаваным, ці што…

Між тым, прапродкі нашы таемную формулу сьветаладу ведалі. І нам знакі пакінулі – не на спамін адчайны, але на кантакт, на повязь – Усяго з Усім і ўчорасьці з наступнасьцю. На збудову тонкіх масткоў – ад сябе сёньняшніх да сябе вечных, пад наглядам і апекаваньнем тых, хто быў, і тых, хто будзе.

Вось на сьцяжыне, што мае выбегчы да тых нябачных масткоў, мы якраз і пачнем гаварыць пра патаемнае – расчытваць летапіс прадаўніх традыцый, што вястуюць, скуль і куды ідзём…

“Дзяды, хадзеце сюды…” 

2 лістапада – традыцыйны Дзень памінаньня продкаў, ДЗЯДЫ

Восень… Сум лістападны. І ціша.

Восень. Продак насустрач мне выйшаў.

Я стаю на мастку, што спружыніць

паміж Неба й Зямлі, па-над сьветам.

Я чытаю замовы пражылак

на лістоце, што падае ў Лету…

Даўно-прадаўна, калі людзі яшчэ верылі Сонцу, травам і дрэвам, аднойчы ўвечар, наскрозь прадзьмуты вятрамі ростаняў, да весьніц самотнай спадарыні Долі прыляцеў Птах, белы-белы, са срэбнымі крыламі. Сутоньне, прапахлае горкім палыном загасаньня, неўпрыкмет запаліла першыя зоркі, і яны, здавалася, закалыхаліся ў пранізьлівай цемры сьвечкамі-згадкамі. Згадкамі пра былыя часы й падзеі, пра людзей, што абжывалі колісь гэты Край і сышлі ў бязьмежнасьць, пра тужлівыя сьпевы вандроўнікаў і зажураны голас гусьляў.

Не страпянуўся нават Птах насустрач гаспадыні, ня біўся стрывожаным крыльлем да шыбін, а толькі ўнікліва пазіраў з мудрым спакоем у самую глыбіню прасторы, поўнай жыцьця й спамінаў. У нейкі міг падалося, што ён несапраўдны – прымроіўся ці ўзьнік ніадкуль і зьнікне ў нікуды. Але спадарыня Доля ўмела чуць шэпты Прыроды – і прыняла нязнанага Госьця ветла, даверыўшы дрыготкай начы сьветлы сум па ўсіх, каго забрала з Дому праведнае Неба.

Так яно й надараецца з тае пары на белай нашай зямлі: штовосень зьяўляюцца да сядзіб сваіх і брам, да роду-народу прывідныя птахі-Дзяды і вядуць даверныя размовы з усімі, каго пакінулі некалі ў смутку. І такія гэта зладныя-складныя спатканьні, такія праніклівыя гаворкі – ня вуснамі, не вачыма, не рукамі, а самой Сутнасьцю, схаванай у нетры матэрыі, — што жывяцца ад іх магутнай сілай і сьвятлом эпохі, прамільгнулыя і яшчэ не запачаткаваныя. Бо шчыльней за гэтую празрыстую лучнасьць Быцьця зь Нябытам не бывае ў цэлым сьвеце і ў нязмоўклых плынях эраў.

Дзяды… Дзяды… Чалавек, што паўстаў па-над Прыродай, адкаснуўшыся ад яе правечных законаў, забыўліва пацісьне плячыма: куды ўшчаміць самшэлыя прымхі ў час касьмічных сягненьняў і зрухаў? Дый навошта ахоўваць зношанае зрэб’е, якое ня сьвеціць, ня грэе, адно зблытвае хаду цывілізацый?

Але памятлівыя Дзяды, нашы ясныя памерлыя – жанчыны і мужчыны, малыя і старыя, родныя і чужыя-незнаёмыя – неадступна шукаюць дарог да сваіх зямных прыстанкаў і наведваюць радзіну і радзіму штогоду не аднойчы: на Каляды і ў Грамніцы, па вясьне на ўзьнёслую Радаўніцу, у Сёмушную Духаву суботу, пад жніво і ў Зьмітраў памінальны дзень. Бо Дзяды – і някемныя немаўляты, і ўсівелыя старэчы, умудрэлыя ў Вышы, спазналыя ўсяленскае Адзінства й Цэласьць, — не зважаюць на залішні рацыяналізм нашчадкаў: прыходзяць прызначанай спаконвек парой і дараджваюць, саграюць, спытваюць літасьціва за нашы памылкі й заганы. Ім жа, відушчым, адкрываецца сэнс, дзеля чаго ўсходзім на жыцьцёвых палетках і заходзм за небасхіл. Той сэнс, які не даецца растаеміць нам, блуканцам па гасьцінцах прамаці-Зямлі.

Вось і патрапляем мы ўсе ў залатым гаспадарстве восені – хочам альбо не, пагаджаемся ці адпрэчваем – у абярожныя абдоймы папярэднікаў, у валадарства Вялікіх Дзядоў, Асянін. Бо ўсярэдзіне самога бяскрайняга Быцьця, распасьцертага ўшыркі і ўвыш, да зямлі й паветра, вагню й вады, спрацоўвае нейкая няўтрымная магута, абуджаючы памкненьне ў жывых і памерлых сысьціся ў Адно, услухацца ў спрадвечную немату, нажыўленую подыхам самой вечнасьці, і прыпасьці да гаваркіх вытокаў. А каб учынілася гэткая сьвятадзея, чалавек мае настроіцца на чуйную хвалю яднаньня, увайсьці ў стан прыманьня і разуменьня інфармацыі, што віруе ва ўсім неабсяжжы ў гатовасьці напоўна раскрыцца на падатлівай глебе родавай памяці.

Цёплае ўлоньне памяці, дайнае поле Веды. Чысьцінь і сьветласьць — у думках, у душах, у хатах, сялібах і ў сьціхлым навакольлі. Гэткія прыкметы Дзядовага прышэсьця. Як ахіне зямлю празрыстым накрывам мілота й ласка нябесная, у трэцюю суботу пасьля Пакроў, сходзяць папярэднікі нашы з узвышанай далечы і чакаюць сустрэчы — памінальнай вячэры па радзіцелях. Дзеля гэтай падзеі ператворана ўсё клопатам чалавечым у трымцьлівую беласьць – пабелены столі ды печ, агорнуты белым набожнікам покуць і белымі фіранкамі вокны, што, як вочы, углядаюцца ў цемрадзь, засланы белымі абрусамі сталы. А ў кутнім вакне бялюткі ручнік-уціральнік – сымбалічная дарога павяртаньня — “заманьвае”-вабіць духі Дзядоў дамоў, да роднага гнязда… І нават конаўка з вадой на падваконьніку напагатове – праз энэргію вады, што чэпка зьберагае інфармацыю, духі прымкнуць да сучаснасьці.

Да першае зоркі на небе ўся хата-гаспода ператворана ў сьвятую пачакальню: на покуці вось-вось успыхнуць памінальныя сьвечкі ў жытнім зерні, а на спаткальны стол сабрана няцотная колькасьць страў – найсмачных за цэлы год. Кажуць, шчадрэйшага за дзядоўскае частаваньне нашы людзі й ня ведаюць: акрамя неадменных куцьці й блінцоў, памінальны стол повен усялякіх ласункаў – на радасьць жывым і памерлым. Абавязковыя грыбны квас і поліўка, селядзец і клёцкі “з душамі” (нашпігаваныя мясам альбо гароднінай), нажыўленыя моцай усіх стыхій, замоўленыя на чатыры стараны сьвету, паляндвіца й каўбасы, калдуны й дранікі, журавінавы морс і аўсяны кісель… — продкаў жа ня толькі належыць задобрыць, але й сьцьвердзіць годнасьць і вартасьць наступнікаў у здабываньні й гаспадараньні, паказаць умельства й дбайнасьць. Бо ўсё невыпадкова дзеецца ў гэты спавядальны вечар – кожная рысачка й кожная дэталь рытуальнага памінаньня “працуе” на спаўненьне як найшчырага дыялёгу: зярняты жыта сымбалізуюць няспынны кругазварот – з насеньня ў колас, з патэнцыйнага ў збылае; стравы “не да пАры” – знак адзіноты чалавечай у народзінах і паміраньнях.

Прычым, датычна гэткіх філязофскіх паняткаў, як сьмерць і вечнасьць, старажытны насельнік нашага Краю таксама выстройвае сваю пасьлядоўнасьць: увесь скліканы да памінаньня род рассаджваецца адпаведна з узростам – найстарэйшыя бліжэй да дзьвярэй, каб адважна прыняць адыход у сьвет іншы першымі і засланіць ад немачы маладых і памкнёных. Гэткі ж “практыцызм” выяўляецца й адносна розных бадзякаў-падарожнікаў, якіх ласкава запрашаюць да гасьціны альбо адорваюць загадзя сьпечанымі хлябамі-бондамі – усе ж мы няўтомныя вандроўцы ў гэтым непазнаным, неўміручым прасьцягу вечнасьці, і кожнага з нас прытуляе аднойчы ў пуціне жыцьцё зямное ці па-засьветнае.

Дзяды… Дзяды… Ад самага сьвітанку гаспадыня выпякае ў помным улоньні печы столькі блінцоў, колькі можа хата зьмясьціць гасьцей і колькі здольнаы ў сям’і згадаць нябожчыкаў – прадаўніх і бдізкіх, сваякоў і слынных незнаёмцаў, што паўсталі колісь на ратунак ці прасьвятленьне Айчыны. Круглыя, як неўміручае жыватворнае сонца, гэтыя блінцы й явяцца на памінальнай вячэры кодам-шыфрам паяднаньня двух сьветаў – бачнага й нябачнага, фізычнага й Тонкага. Гэта ж дзеля самкнёнасьці дум на мастку міжсьветным, што выладоўваецца ў Дзядовыя 12 дзён – ад 26-га кастрычніка да 8-га лістапада – найстарэйшы з роду распачынае таемную вячэру заклікам да Духаў: “Сьвятыя Дзяды, прыходзьце сюды, да свайго кута, да свайго парогу. Чакаем вас і частуем вас набыткамі нашай нівы!..” Гэтак ці іначай прамаўляецца слова запрашальнае – ня надта ўжо й важка. Блінцы на ўсіх талерках і смакаваньне абрадавай куцьці, згатаванай зь ячных круп, зашкваранай альбо падсалоджанай, учыняюць сваю справу: веда, вякамі назапашваная ў ячмені, жыце й пшаніцы, падмацаваная энэргіяй любові і ўдзякі, хвалямі ўздымаецца ад нізу да верху, ад зямлі да неба, ад сёньня да заўжды, працінаючы наскрозь прастору й час, ахопліваючы пакаленьні.

Няверца ня зловіць таго току й не ўразумее ўсяго адбыванага, а вось той, хто намерыўся ўвайсьці ў прыадчыненыя ледзь-ледзь (каб не параніць Душы Сусьвету!) дзьверы Ўсеагульнага Дому, спрычыніцца сэрцам да зьдзяйсьнянай у Касьмічнай Драме сакральнай дзеі Яднаньня. Нездарма ж да бляску вычышчаюць перад Дзядамі хаты й ваколіцы – высьцілаюць шлях, нездарма змываюць надвячоркам у лазьні ўсё састарэлае й аджылае, а затым апранаюць белыя ўбраньні: усё мае быць у гэты восеньскі вечар аголена-адкрытым і вольным, здатным да ўспрыманьня й засваеньня інфармацыі па-надбыцьцёвай, прыхаванай у сусеках усяленскай памяці.

Як уверсе, так і ўнізе – гэты нязьменны прынцып сьветаладу праўдзівы й наадварот: як унізе, так і ўверсе. І менавіта зь непахіснай пэўнасьці, што на гэткіх раўнаважных шалях толькі й мажліва адчуць узьлёт да гармоніі, чалавек Прыродны збудоўваў стасункі зь Верхам, куды выпраўляюцца памерлыя, каб аддаць Богава Богу, у самыя энэргетычна ўплывовыя дні ды згодна з самымі непарушнымі правіламі. А таму ўсё, што робіцца дзеля сустрэчы з продкамі, мае на мэце стварэньне адпаведнай праекцыі ўверсе. Чысьцінёй і беласьцю, руплівасьцю й шчодрасьцю мы й цяпер, чакаючы Дзядоў, паказваем, ЯК хочам кантактавацца з Вышаю й ШТО марым займець у жыцьці штодзённым.

…Бо што сталася б з намі, з усім плянэтарным жыцьцём, калі б… Калі б раптам згубіўся ключ ад Памяці і жолудзь забыўся, што быў і можа быць дубам, калі б насеньне не дало ўсходаў, а дзеці адсланіліся ад бацькоў. Вось ад чаго перасьцерагаюць нас Дзяды – ад бяспомнасьці й зруйнаваньня грунту, што ўзрошчвае парасткі з каранёў. Дзеля таго і ўзьвіваюцца на вокнах белыя ручнікі й выходзяць нашы землякі насустрач продкам у бялюткіх апранках: белы колер спрадвек азначае Памятлівасьць, Усязлучнасьць. Дзеля таго ўзьбіраецца найчуйная з роду дзяўчына з завязанымі шчыльна вачыма на высокае дрэва – невідушча прачуць набліжэньне, надыход Дзядоў. Дзеля таго адзначаюць рыскамі на вушаках дзьвярэй рост усяе дзятвы ў сям’і – і гэтак штогоду засьведчваюць уздым новай зьмены на бацькоўскай зямлі. Дзеля таго занатоўваюць у Кнігу роду ўсіх, каго спамінаюць у часе вячэры, сягаючы ажно самых далёкіх сьцямнелых глыбінь старавечча. Дзеля таго й аддаюць перавагу Дзядам у ласаваньні – найперш кладуць куцьцю, блінцы ды іншыя прысмакі на “дзядову” таперку, падрыхтаваўшы Духам загадзя перакуленыя ўніз лыжкі, ды пускаюць кругам па сонцы адзіны на ўсіх кілішак з гарэлкай альбо наліўкай.

І доўжыцца памінальная вячэра почасту да самага ранку: у пругкай цішыні прыгадвае род Дзядоў-продкаў – як умелі працаваць, радавацца, жартаваць, сьпяваць альбо таньчыць, якія мелі характары, звычкі, норавы. І вераць малыя й дарослыя ў добрую старую казку, у якой проста й нязмушана здараюцца дзівосы й зьяўляюцца дамоў колішнія жыхары Беларусі. Ваяры й асьветнікі, героі й сьціплыя працаўнікі, творцы й барацьбіты – усе дарагія, незабыўныя, сьветлыя. А казка тая праўдзівая. Прынамсі, пра тое цёпла апавядаюць у начы прадаўнія балады, насьпяваныя пад гуд гусьляў вандроўнымі музыкамі.

На тое яны й Духі, Дзяды-памерлыя, каб лёгка й нячутна заходзіць у нашы сьвяцёлкі бязважкімі зданямі й разварушваць спасярод мітусьні й прысьпешнасьці ў нашых душах найсьветлыя пачуваньні. А здараецца, пакідаюць птахі-Дзяды ў лазьні на попеле, папярэдне рассыпаным жывымі на палкАх, птушыныя сьляды – пазнакі сваёй прысутнасьці ў абрадавай начы. І той срэбраны Птах, зьляцелы зь Нябёсаў да спадарыні Долі ў сьцішэлы восеньскі вечар, адкрывае сваім зьяўленьнем часьціну шуканай людзьмі ісьціны: непадатлівы, здавалася б, неабсяжны сьвет, што прымае нас, гадуе й памудрае, ёсьць гэткай зьнітаванай еднасьцю, як шчыльная тканка бабулінага радна, у якой усе валаконцы сплецены ў суцэльны малюнак. Ды ўзор гэты толькі звабна выдае на непарушны, застыглы празь вякі, а ўсярэдзіне яго, бязьмежнага сьвету, няспынна-зьменліва ўсё рухаецца, злучаецца й расстаецца, сыходзіць і ўзьнікае… Каб зьвяршалася і ўзносілася Адзінадзея, у якой нястомна збываецца яго Вялікасьць Пераўтварэньне, і ўсё існае пазлучвана дзеля гэтага высокага Пераўтварэньня ў моцны абярожны зьвяз – мінуласьць і прышласьць, жыцьцё й нябыт, зьявы й падзеі, увачавіднае й схаванае, продкі й нашчадкі.

Этнограф Антаніна Хатэнка

No Comments

Sorry, the comment form is closed at this time.